Дзеля сустрэчы з дзяўчынай немец незаконна перасек мяжу Беларусі

21-гадовы грамадзянін Нямеччыны незаконна перайшоў на тэрыторыю Беларусі з Польшчы. Пры сабе ён меў інтэрнацыянальны пашпарт Нямеччыны, які дазваляе вольна перамяшчацца толькі ў краінах Еўрасаюза, а таксама мабільны тэлефон, нож, запальнічку, цыгарэты. Хлопец патлумачыў, што часова не працуе. У Беларусь ён хацеў трапіць, каб сустрэцца са знаёмай дзяўчынай, якая жыве на Міншчыне.

Як паведамляе БЕЛТА, сустрэча маладых людзей усё ж адбылася. Што праўда, толькі ў ізалятары часовага ўтрымання. На юнака склалі пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Памежнікі вядуць праверку, па завяршэнні якой немца дэпартуюць і забароняць яму наведваць Беларусь на працягу 1 года.