Дзяржкантроль выявіў, што студэнтаў незаконна ганялі "на бульбу"
Такое парушэнне праверка Камітэта дзяржкантролю выявіла ў Гомельскім педагагічным каледжы імя Выгоцкага.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на КДК, у лістападзе навучэнцаў каледжа адправілі на ўборку гародніны на камбінаце "Усход", хоць гэта не было прадугледжана навучальна-праграмнай дакументацыяй і планам выхаваўчай працы ўстановы адукацыі. У Дзяржкантролі кажуць, што гэтым былі парушаныя патрабаванні артыкула 89 Кодэкса пра адукацыю.
У навучальнай установе праверка выявіла шэраг іншых парушэнняў. У 2011—2012 гадах педагагічны каледж незаконна атрымаў з абласнога бюджэту больш за 37 мільёнаў рублёў для аплаты камунальных паслуг. Установа парушала тэрмін выплаты заробкаў работнікам, якія ажыццяўляюць пазабюджэтную дзейнасць (платнае навучанне). Таксама каледж у дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці скажаў звесткі пра суму арэнднай платы, атрыманай ад арандатараў.
Кіраўніцтва каледжа могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Фота — bymedia.net