Дзяўчына з’ела 5 цукерак з лікёрам, а алкатэстар паказаў 3,3 праміле!
Але за такое “ап’яненне” правы не забяруць.
З 12 жніўня апраўдваць праміле кефірам ці квасам стала прасцей. Менавіта з гэтага дня ў Беларусі дзейнічаюць новыя нормы па ўзроўню алкаголю ў крыві. Раней адміністрацыйная адказнасць наступала за 0,5 праміле. Цяпер гэтую норму знізілі да 0,3. У тую ж раніцу ў Мінску патрапіўся першы кіроўца з 0,31 праміле.
На думку інспектара Ленінскага ДАІ Мінска Таццяны Красій, гэтыя змены павінны перасцерагчы кіроўцаў, якія не баяцца перад паездкай “папіць піўка”.
Калі пры норме 0,5 праміле кіроўцы казалі, што яны ап’янелі ад кефіру ці квасу, то пры 0,3 праміле будуць спасылацца на гэтыя прадукты яшчэ больш.
“Камсамолка” разам з ДАІ Ленінскага раёна Мінска правяла эксперымент, каб вызначыць, ці сапраўды можна пазбавіцца правоў, выпіўшы кефіру.
“Пасадзілі дзяўчат, яны спрабавалі кефір, сардэчнік, квас з маленькіх штучных шклянак. Сардэчніку накапалі 50 капель. Потым замяралі, колькі паказвае алкаголю праз нейкі час. Мы правялі такі “эксперымент для дзяўчат”. Але галоўная навука, каб не пілі піва за рулём. Піва выходзіць вельмі марудна з арганізму”.
Праз 3 хвіліны алкатэстар паказаў 0 праміле ў дзяўчат, якія выпілі кефір, квас і сардэчнік. Толькі ў дзяўчыны, якая выпіла 200 грамаў нефільтраванага піва, знайшлі 1,31 праміле – амаль у 4 разы больш, чым дазваляе цяперашняя норма.
“Нават знешне па дзяўчыне было адразу заўважна, па вачах. Алкаголь трымаўся ў крыві 30 хвілін. Але ўсё залежыць ад арганізму. Можа на мужчын не так бы паўплывала”.
Цікава, што ў дзяўчыны, якая з’ела 5 цукерак з лікёрам, алкатэстар паказаў 3,3 праміле! Але ў адрозненні ад піва, ўжо праз некалькі хвілін прыбор паказаў 0.
Красій кажа, што такі эксперымент нельга ўспрымаць сур’ёзна. Вызначыць дакладна, колькі алкаголю знаходзіцца ў крыві, могуць толькі медыкі. У ДАІ лічаць, што пасля такога эксперымента кіроўцы задумаюцца аб ужыванні алкагольных напояў за рулём.
“Некаторыя думаюць, што можна папіць безалкагольнае піва і сесці за руль. Але гэта ў кожным выпадку прадукты закісання. Так, ад цукерак ніхто не п’янее. Пакуль ніхто такога не казаў – гэта будзе глупства, бо нават дзеці іх ядуць”.
Нагадаем, што кіроўцы, у якіх змест алкаголю ў крыві перавышае вызначаную норму, пазбаўляюцца правоў на 3 гады.
Фота: motto.net.ua