Эдуард Лобаў трэці месяц чакае бандэроль з пломбай для зуба
Маці палітвязня паведаміла, што атрыманы дазвол на перадачу сыну ў Івацэвіцкую калонію медычнай бандэролі.
Эдуард ужо некалькі месяцаў скардзіцца на зубны боль, яму рэкамендавана лячэнне, але патрэбную дапамогу ў калоніі ніяк не аказваюць. Марына Лобава распавяла Радыё Свабода пра званок сына. Ён сказаў, што яму падпісалі дазвол на атрыманне такой пасылкі. Аднак не факт, што яна дойдзе да адрасата.
Актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў быў асуджаны разам са Змітром Дашкевічам паводле абвінавачання ў хуліганстве. Інцыдэнт адбыўся за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У судзе актывісты заявілі пра правакацыю спецслужбаў.
Эдуард Лобаў атрымаў 4 гады зняволення, Зміцер Дашкевіч — 2 гады. Зараз Дашкевіча ўтрымліваюць ў Глыбоцкай калоніі і яму пагражае падаўжэнне тэрміну на 1 год нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі.