Егіпцянін хацеў надурыць беларускіх памежнікаў і прыкінуўся рыбаком
Да беларуска-польскай мяжы ён прыйшоў з вудай.
Жыхар Каіра незаконна пракраўся ў памежную зону, дзе быў злоўлены памежнікамі. Ім ён паведаміў, што прыехаў у Беларусь, каб налавіць рыбы. Аднак яго рыштунак не адпавядаў таму, што павінен мець аматар начной рыбалкі. Егіпцянін меў пры сабе толькі простую вуду, мабільнік і грошы. Нават лескі, кручкоў і паплаўкоў не было, паведамляе БелТА. Шмат рыбы гэтым не наловіш.
Калі аказалася, што ў грамадзяніна Егіпта яшчэ і няма беларускай візы, то яго затрымалі. Высветлілася, што ў Брэст ён прыехаў з Расіі і адразу з вакзала ірвануў бліжэй да мяжы з ЕС. Зараз з ім будуць разбірацца дазнаўцы Брэсцкай памежнай групы. Егіпцянін затрыманы на трое сутак.