Эпідэміёлагі выяўляюць цэзій і стронцый у прадуктах харчавання
Аднак з аптымізмам заяўляюць, што колькасць "брудных" узораў з кожным годам паніжаецца. Горай статыстыка па лясных грыбах і ягадах.
Па звестках Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, рэалізацыя дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС, прынесла свой плён, піша газета "Звязда".
Так, на працягу пяці апошніх гадоў паступова змяншалася колькасць узораў малака з асабістых падвор'яў з перавышэннем дапушчальных нормаў па ўтрыманні цэзію-137. Колькасць населеных пунктаў, дзе ў малацэ з асабістых падвор'яў выяўлялася перавышэнне цэзію, знізілася ўтрая: з 88 у 2006 годзе да 25 — у 2010 годзе.
Паводле спецыялістаў, у Гомельскай вобласці колькасць населеных пунктаў, дзе ў пробах малака з асабістых падвор'яў рэгістравалася перавышэнне рэспубліканскіх дапушчальных нормаў па ўтрыманні стронцыю-90, зменшылася за пяць апошніх гадоў аж у 10 разоў (у 2006 годзе іх было 40, а летась — толькі 4).
Аднак застаецца па-ранейшаму высокім працэнт узораў лясных ягад і грыбоў, якія нарыхтоўваюцца насельніцтвам, забруджаных радыенуклідамі цэзію-137 вышэй за дапушчальныя ўзроўні. Так, у мінулым годзе перавышэнне ўтрымання цэзію было ўстаноўлена ў 28,3% даследаваных узораў грыбной прадукцыі і ў 18,4% ўзораў лясных ягад. Забруджанымі звыш нормы былі таксама больш як 41% узораў мяса дзікіх жывёлін і 1,5% ўзораў рыбы мясцовага ўлову.