Еўрапарламент не хоча, каб ЕС экспартаваў тэхналогіі для цэнзуры інфармацыі
З такой прапановай выступіў камітэт Еўрапарламента па замежных справах.
Дэпутаты прапануюць забараніць экспарт з ЕС інфармацыйных тэхналогій, якія могуць быць скарыстаныя рэпрэсіўнымі рэжымамі для цэнзуры інфармацыі. Такую ж забарону прапануецца накласці на экспарт сістэм сачэння за асобамі, якія карыстаюцца тэлефоннай сувяззю ці інтэрнэтам.
Як адзначае interfax.by, у праекце рэзалюцыі еўрапейскім прадпрыемствам, іх філіям і партнёрам прапануецца адыграць ключавую ролю ў распрацоўцы і прасоўванні адпаведных "сацыяльных стандартаў".
Еўрадэпутаты выказалі шкадаванне, што некаторыя еўрапейскія прадпрыемствы даюць аўтарытарным рэжымам неабмежаваны доступ у свае банкі звестак, спасылаючыся на мясцовае заканадаўства, як гэта было ў некалькіх постсавецкіх дзяржавах.
Сябры камітэта таксама выказалі занепакоенасць недахопам дэмакратыі, павагі прававой дзяржавы, асноватворных свабодаў і праў чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, іх заклапочанасць выклікае сітуацыя з арыштам праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Еўрпарламентары нагадалі, што арышту Бяляцкага паспрыялі польскія і літоўскія чыноўнікі, якія выдалі афіцыйнаму Мінску банкаўскую інфармацыю.
Фота — shkolazhizni.ru