ЕC і Савет Еўропы заклікаюць Беларусь аб'явіць мараторый на смяротную кару
На думку еўрапейскіх палітыкаў, гэта павінна стаць першым крокам да яе поўнай адмены.
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве генеральнага сакратара Рады Еўропы Турб'ёрна Ягланда і вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан. Яны выказаліся з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.
"Смяротнае пакаранне бесчалавечнае і не неабходнае. Вопыт таксама паказаў, што яно не стрымлівае злачыннасць. Няма бездакорных сістэм правасуддзя, любая судовая памылка можа прывесці да трагічнай гібелі нявінных людзей", - адзначаецца ў заяве.
У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, але ўжо ў 1996-м быў пазбаўлены гэтага статусу пасьля рэферэндуму, які ўзаконіў смяротнае пакаранне. З таго часу еўрапейскія палітыкі рознага ўзроўню заклікаюць афіцыйны Мінск адмяніць смяротнае пакаранне, аднак беспаспяхова.
Паводле звестак "Міжнароднай амністыі" і кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", за апошнія дваццаць гадоў у краіне было пакарана смерцю больш за 400 чалавек, інфармуе БелаПАН.