Еўрадэпутат напісаў у генпракуратуру Беларусі ліст у абарону палітвязня
Марэк Мігальскі звярнуўся з адмысловым лістом да генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.
У ім ён выказаў занепакоенасць у сувязі з ціскам і магчымым новым турэмным тэрмінам для лідэра “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча. Аб гэтым паведамляе інтэрнэт-старонка Марэка Мігальскага.
"Я ўспрымаю крокі, што робяцца адміністрацыяй папраўчай калоніі № 13 горада Глыбокае ў дачыненні да Змітра Дашкевіча, як ціск, катаванні і жорсткае абыходжанне і заклікаю спыніць пераслед гэтага вязня сумлення. Згодна з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, у тым ліку ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь Канвенцыяй Супраць Катаванняў, любыя формы катаванняў і жорсткага абыходжання ў турмах недапушчальныя", — гаворыцца ў лісце еўрадэпутата.
Нагадаем, Зміцер Дашкевіч знаходзіцца за кратамі ад снежня 2010 года. У сакавіку 2011-га яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі калоніі агульнага рэжыму, нібыта за збіццё дваіх мінчукоў. Пакаранне палітык адбывае ў глыбоцкай калоніі.
18 ліпеня стала вядома пра новую крымінальную справу супраць Дашкевіча “за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі”. Яму пагражае яшчэ адзін год зняволення.