Еўракамісар: Арышт апазіцыянераў не перашкодзіць улічыць іх погляды

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства асудзіў той факт, што ўлады Беларусі перашкодзілі апазіцыйным беларускім палітыкам Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну і Аляксандру Атрошчанкаву прыехаць на сённяшняе мерапрыемства ў Брусель. "Гэта не перашкодзіць нам прыняць да ўвагі і зрабіць неад'емнай часткай дыялогу погляды гэтых людзей. Можаце не сумнявацца, мы ўключым у гэты дыялог усіх, хто мае бачанне лепшай, еўрапейскай будучыні для Беларусі", — запэўніў еўракамісар.

БелаПАН нагадвае, што новая праграма ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" прадугледжвае шматбаковы абмен поглядамі і ідэямі паміж ЕС і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі аб неабходных рэформах у Беларусі, развіцці яе адносінаў з ЕС і аб магчымай падтрымцы Еўрасаюза. Дыялог сканцэнтраваны на чатырох ключавых сферах адносінаў: палітычная рэформа; рэформа судовай сістэмы і чалавечыя кантакты; пытанні эканамічнай і галіновай палітыкі; гандаль і рыначныя рэформы.

Праграма "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" была ўхвалена Саветам міністраў замежных спраў краін ЕС 23 сакавіка. Яна будзе рэалізоўвацца паэтапна, прычым першы этап працягнецца да парламенцкіх выбараў у Беларусі восенню гэтага года.