Еўрапарламент заклікаў Украіну неадкладна вызваліць палітзняволеных

Рэзалюцыя была прынятая па выніках дэбатаў "Сітуацыя ва Украіне, справа Юліі Цімашэнкі". Галасаванне адбывалася шляхам падняцця рук, інфармуе УНІАН.

У трэцім пункце рэзалюцыі Еўрапарламент заклікае да "неадкладнага вызвалення ўсіх вязняў, асуджаных па палітычна матываваных падставах,у тым ліку — лідараў апазіцыі". Пры гэтым еўрадэпутаты заклікалі ўлады Украіны вызначыцца з лёсам асуджаных апазіцыянераў да пачатку перадвыбарчай кампаніі.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што падпісанне і ратыфікацыя Пагаднення аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай, а таксама яго эфектыўная рэалізацыя, будзе патрабаваць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, спынення спробаў стрымлівання апазіцыі і правядзення свабодных ды справядлівых парламенцкіх выбараў (яны прызначаныя на кастрычнік).

Таксама еўрадэпутаты заклікаюць еўрапейскіх палітыкаў, якія збіраюцца ехаць на футбольны чэмпіянат Еўропы 2012 года, знаходзіць магчымасці для наведвання палітычных зняволеных, а на матчах прысутнічаць у якасці прыватных асобаў, а не VIP-гасцей.

Фота — ЕРА/ИТАР-ТАСС