Форвард барысаўскага БАТЭ Віталь Радзівонаў атрымаў складаную траўму

Аб траўме Радзівонава на пасляматчавай прэс-канферэнцыі расказаў Віктар Ганчарэнка. Па словах трэнера, у нападаючага разрыў крыжападобных звязак, разрыў меніска, разрыў бакавых звязак. Ганчарэнка заўважыў, што лепш бы каманда прайграла, але засталася з Віталём Радзівонавым. Нападаючы атрымаў траўму пры сутыкненні з галкіперам “Дынама”. Радзівонаў здолеў перайграць варатара і забіць гол, але працягнуць гульню пасля гэтага не змог. Для барысаўчан, якіх чакае Ліга чэмпіёнаў, гэта цяжкая страта. Радзівонаў з’яўляецца адным з лідараў каманды. Ён аднавіўся пасля папярэдняй траўмы толькі месяц таму.

Сам Віталь Радзівонаў выказаў надзею, што траўма можа быць не такой складанай. Праз некаторы час пасля гульні ён мог самастойна хадзіць. Сёння форвард БАТЭ вылятае ў Германію для поўнага абследавання.

Нагадаем, што гульня скончылася ўнічыю 2:2.