Футбольная зборная Беларусі згуляла ўнічыю з Румыніяй (фота+відэа)

Вынік матчу нічога не вырашаў ні для Беларусі, ні для Румыніі. Першае-другое месцы ў нашай групе размяркуюць Францыя ды Боснія і Герцагавіна, якія згуляюць паміж сабой 11 кастрычніка. З-за траўмаў і дыскваліфікацый значнай колькасці гульцоў Бернд Штанге быў вымушаны моцна абнавіць склад нашай каманды.

На 18-й хвіліне Муту адкрыў лік. Наша зборная здолела рэалізаваць свой адзіны шанс у першым тайме — пасля перадачы Пласконнага (ён замяніў на 19-й хвіліне Філіпенку, які атрымаў траўму) Карніленка выйшаў сам-на-сам з брамнікам гаспадароў і дакладна прабіў — 1:1.

У другім тайме беларусы гулялі значна лепш. Аднак ужо на 51-й хвіліне прапусцілі гол з пенальці, вызначыўся той жа Муту.

Ужо праз чатыры хвіліны Крывец біў у пустую браму, а патрапіў... у галкіпера ды неўзабаве быў заменены на Рудзіка. Менавіта Рудзік і зрабіў на 82-й хвіліне цудоўную перадачу на Драгуна, які перакінуў мяч праз брамніка — 2:2 (гэта першы гол Станіслава за нацыянальную зборную).

У іншых матчах нашай групы Францыя перамагла Албанію — 3:0, а Боснія і Герцагавіна — Люксембург — 5:0.

Такім чынам, зборная Беларусі 3 матчы выйграла, 4 згуляла ўнічыю, 3 прайграла, забіта 8 мячоў і 7 прапушчана, набрана 13 ачкоў. Беларусы дзеляць 3-4 месцы ў групе з румынамі, але ў апошніх ёсць яшчэ гульня ў запасе — у гасцях з Албаніяй.

Фота: Reuters, APGetty images