Футбольны клуб “Вігвам”: Язык не паварочваўся запрашаць Пунтуса

16 ліпеня галоўны трэнер брэсцкага “Дынама” Юрый Пунтус падаў у адстаўку. Без працы былы трэнер зборнай заставаўся толькі адзін дзень. Нечакана ён  узначаліў “Вігвам”… са Смалявічаў, які зараз займае перадапошняе месца ў другой лізе.

“Мне ўвогуле цікава працаваць з моладдзю. Каманда ў нас пакуль сырая. Няма канкурэнцыі. Будзем дабівацца выніка за кошт арганізацыі справы. Да таго ж ёсць два бізнэсмэны, якія ўтрымлівалі каманду, як маглі. Любяць футбол, мне спадабалася іх стаўленне”, — гаворыць Пунтус Еўрарадыё.

Згодна са словамі трэнера, яму цікава працаваць з моладдзю. Але на ўсялякі выпадак спецыяліст перастрахоўваецца. Пунтус папярэдзіў, што калі будуць нейкія цікавыя прапановы, ён можа сысці.

Юрый Пунтус распавёў Еўрарадыё, чаму пасля зборнай, БАТЭ і брэсцкага “Дынама” апынуўся ў Смалявічах.

“На форумах пісалі: “Пунтус не сыдзе з такім заробкам”. І мой крок не зусім у процівагу, але я проста люблю футбол, люблю гэтую працу. А на такім ўзроўні, як “Дынама” (Брэст), дзе іншыя грошы, іншыя зайздрасці, абстаноўка нервовая. Але і тут футбольны клуб з арганізацыяй. Ну і, напэўна, я чалавек, пазначаны Богам на стварэнне. Толькі я нешта крыху зрабіў, перадаў у іншыя рукі — і трэба нешта новае рабіць”.


Трэнер “Вігвама” не выключае, што калі-небудзь зноў узначаліць…. зборную Беларусі!

“Я лічу, што тады мяне рана кінулі на гэта, я рана згадзіўся, не трэба было спяшацца. Але для любога салдата стаць генералам павабна. Я сёння не хаваю сваіх амбіцый, дасць Бог здароўе, зараз я б не адмаўляўся. Мне здаецца, што цяпер я гатовы для гэтага. А тады я трапіў, як кінуты на цвік”.


Начальнік “Вігвама” Сяргей Міхайлаў кажа, што хацеў сустрэцца і па-чалавечы падтрымаць былога трэнера брэсцкага “Дынама”, у якое, дарэчы, перайшлі два “вігвамаўцы”.

“Сустракаліся з мэрам Смалявічаў, ён падтрымаў кандыдатуру і быў шакаваны, што мы такога трэнера знайшлі. Неяк язык не паварочваўся запрашаць яго. Але Юрый Іосіфавіч паглядзеў нашыя ўмовы і адобрыў. У нас добрая база: гасцініца, трэнажорны зал, басейн. Згодна з яго словамі, калі пачынала БАТЭ, там не было такой базы”.

Як даведалася Еўрарадыё, незвычайная назва каманды ўтварылася ад назвы фірмы-спонсара. Зараз у “Вігваме”, у асноўным, гуляюць хлопцы, якім па 18-21 гадоў: два футбалісты са Смалявічаў, некалькі з Жодзіна, адзін з Барысава, астатнія мінскія.

Хоць у гэтым сезоне ніякіх задач не ставілі, “Вігвам” будзе старацца трапіць у васьмёрку. А ў будучыні, на думку Міхайлава, камандзе па сілах пацясніць суседзяў з барысаўскага БАТЭ і жодзінскага “Тарпеда”. З такім трэнерам!

Былыя трэнеры зборнай Беларусі па футболе

Трэнер

Дзе зараз

Міхаіл Вергеенка, 1992-1994, 1997-1999

старшыня мінскай гарадской федэрацыі футбола. Раней адначасова працаваў і намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі футбола.

Сяргей Бароўскі, 1994-1996, 1999-2000

узначальвае ФК “Віцебск”

Эдуард Малафееў, 2000-2003,

апошнім часам узначальваў клуб другога расійскага дывізіёна “Пскоў-747” (Расія, Д3), але нядаўна сышоў у адстаўку

Анатоль Байдачны, 2003-2005

узначальвае варонежскі “Факел” (Расія, Д2), які зараз займае ў сваім дывізіёне апошняе месца

Юрый Пунтус, 2006-2007

ФК “Вігвам” (Беларусь, Д3)

Фота Мікіты Іванчыкава, football.by.