Якія футбольныя гербы беларускіх клубаў самыя ўдалыя?
На лагатыпе “Дняпра” змешчана “Пагоня”, а рэбрэндынг “Шахцёра” дапамог заваяваць срэбраныя медалі.
Еўрарадыё даведалася гісторыю лагатыпаў футбольных клубаў і паспрабавала вылучыць найбольш удалыя.
Салігорскі “Шахцёр” ствараў новую эмблему праз конкурс. Абнаўленне прынесла поспехі і на футбольным полі, кажа прэс-сакратар “Шахцёра” Павел Мартыненка.
“Па сканчэнні сезона 2009 года, калі каманда заняла 6-е месца, вырашылі правесці рэбрэндынг. Можа, і для таго, каб збавіцца ад няўдач. Сталічны дызайнер Эдуард Качан перамог у аб’яўленым намі конкурсе. Ён з’яўляецца і аўтарам нашага былога лагатыпу. Усяго на конкурс тады даслалі каля дваццаці варыянтаў лагатыпу. Новы лагатып больш адпавядае духу шахцёраў, нашага прадпрыемства “Беларуськалій”.

Цяперашні лагатып самай паспяховай беларускай каманды — барысаўскага БАТЭ быў распрацаваны ў 2002 годзе ў атэлье рэкламы “Фальгаут”. Па словах намесніка гендырэктара БАТЭ Віктара Хадасевіча, мяняць эмблему не плануецца.
”Нас зараз добра ведаюць, як у Беларусі, так і у астатнім футбольным свеце менавіта па такім сімвале, па такіх колерах”.

А вось у вядомага мастака Уладзіміра Крукоўскага, аўтара дзяржаўнага герба “Пагоня”, іншае меркаванне.
“Безумоўна, патрабуецца англійскі тэкст, таму што гэта ўжо вядомы ў Еўропе клуб... Слова “БАТЭ” напісана на абсалютна незразумелым сцяжочку. Адзіны толькі клуб дадумаўся да выкарыстання дзвюхмоўя, але расійска-англійскага, гэта “Тарпеда” (Жодзіна). Такое рашэнне можна толькі вітаць, таму што англійская мова адразу ўводзіць эмблему ў сферу еўрапейскага гучання”.
Жодзінскі лагатып, па словах прэс-сакратара “Тарпеда ” Сяргея Пузанкевіча, быў распрацаваны ў 2001 годзе. Яго ідэя належала былому галоўнаму трэнеру Якаву Шапіра. “Тарпеда” мела чырвона-сінюю форму, такі ж быў і лагатып. У канцы 2006 года вырашылі вярнуцца да сваіх гістарычных колераў – чорна-белых. Мы проста змянілі колеры лагатыпу на аранжава-чорныя. Хутка мы станем “Тарпеда-БелАЗ”, таму неўзабаве лагатып хутка зноў можа змяніцца, уносім касметычныя змяненні.”

Дызайн лагатыпу брэсцкага “Дынама” распрацаваў у 2004 годзе былы прэс-сакратар Эдуард Белямук. Рэбрэндынг у клубе не плануюць. На самім малюнку змешчана літара “Д” і мячык – прыналежнасць да футбола. За літарай “Д” – стэла, якая стаіць на ўездзе ў горад.
Мастаку Крукоўскаму лагатып брэсцкага “Дынама” падаўся няўдалым: у ім вельмі шмат элементаў. А замест стэлы, на яго думку, лагічней было б выкарыстаць больш вядомы сімвал – браму Брэсцкай крэпасці.

Лагатып мінскага “Дынама” ўсталяваўся даўно. Ён некалькі разоў мяняўся, але нязначна. Так у савецкія часы была проста літара “Д”, потым нейкі час выкарыстоўваўся лагатып у выглядзе ромбіка. Зараз проста літара “Д” у круглым апраўленні. У клубе перыядычна ўзнікаюць думкі наконт рэбрэндынгу, але пакуль нічога не змянялася. Хоць дызайн лагатыпа не ўсім падабаецца. У наступным сезоне клуб адзначае 85 гадоў – можа, нешта зменіцца.

У магілёўскага “Дняпра” апошні раз лагатып мяняўся разам з назвай каманды. Гэта было ў 2006 годзе, калі “Днепр-Трансмаш” быў перайменаваны ў “Днепр”. Асноўныя ідэі прапанаваў Валерый Стральцоў, які быў у кіраўніцтве клуба быў больш за 25 год. Зараз эмблема каманду задавальняе. На лагатыпе намаляваны рыцар – стылізаваны герб горада. Дарэчы, “Днепр” з’яўляецца адзіным клубам вышэйшай лігі, у якога на эмблеме намалявана “Пагоня” – як і на магілёўскім гарадскім гербе.

ФК “Мінск” выбіраў талісман клуба праз конкурс на сваім сайце. Пераможцам конкурсу стаў венесуэлец, які навучаецца ў адной з мінскіх ВНУ. Яго макет “венесуэльская бульба” прызналі лепшым. Прэс-сакратар клуба Аляксандр Томін кажа, што ў клубе задумваліся пра змену афіцыйнай эмблемы.

“Ідэі аб рэбрэндынгу былі. На гэта патрэбны грошы. Але перад нашым клубам ёсць дзве літары – “ДУ” – дзяржаўная установа. Адсюль уся сітуацыя – і з фінансамі ў тым ліку. Пад назвай “Мінск” клуб арганізаваны ў 2003 годзе. Раней была “Змена”, з аналагічным лагатыпам, а потым замест “Змены” напісалі “Мінск”. Калі добра выступім у Еўропе, можа, і памяняем лагатып, а пакуль з гэтым будзем”.
ФК “Гомель” перад гэтым сезонам крыху змяніў эмблему. Спецыяліст па працы з заўзятарамі Аляксей Барсукоў крыху памяняў колеры і дадаў лічбы “1959” — дату стварэння клуба.

А вось у гродзенскага “Нёмана” апошні раз лагатып мяняўся перад матчам з румынскім “Сцяўа” у 2003 годзе. Аўтар кнігі пра гродзенскі футбольны клуб Іосіф Папко адзначае, што да 1994 года быў крыху іншы лагатып. Бо і герб Гродна быў іншым. А жоўта-зялёныя колеры на гербе клуба ўжо даўно.

Для “Нафтана” цяперашні лагатып намаляваў відэа-аператар каманды Андрэй Князюк больш за дзесяць гадоў таму.

Лагатып “Віцебска” існуе з 2007 года. Да гэтага каманда некалькі разоў мяняла назву. Дызайн распрацоўвала рэкламная фірма.

Герб бабруйскай “Белшыны” з’явіўся ў 1996 годзе, калі “Шыннік” стаў менавіта “Белшынай”. Па словах прэс-сакратара Андрэя Шобіна, размовы пра змену лагатыпа ішлі хіба што на форумах. “Кіраўніцтва ж зараз хвалююць хутчэй фінансавыя праблемы. Да таго ж эмблема усіх задавальняе.”

Уладзімір Крукоўскі лічыць эмблему “Белшыны” не зусім удалай. Найперш, з-за выкарыстання трох розных шрыфтоў, а таксама з-за незразумелага апраўлення мяча.
“Галоўная заўвага пасля прагледжання эмблемаў тое, што ўсе яны, акрамя ФК “Мінск” выкананы на рускай мове. Чалавек, недзе ўбачыўшы эмблему, не адразу зразумее, чый жа ж гэта клуб!”
Па кампазіцыі Крукоўскі вылучыў эмблемы трох клубаў. Так, у “Гомеля” ўдала спалучаюцца элемент гарадской геральдыкі рысь і мяч як прыналежнасць да футболу. “Нёман” гарманічна выкарыстаў аленя – таксама сімвал гарадскога герба, які ў скачку сімвалізуе прыналежнасць да спорту. Трэцяя знаходка, на думку эксперта, – эмблема магілёўскага “Дняпра”. Рыцар з гарадскога герба стаіць у браме перад мячом. Па браме і мячу адразу становіцца зразумела, пра які спорт вядзецца гаворка.