Галоўны прыз Канаў дастаўся фільму "Каханне" Міхаэля Ханэке
Аўстрыйскі рэжысёр быў узнагароджаны Залатой пальмавай галінай.
Яго карціна распавядае пра гісторыю пажылой сямейнай пары, у якой галоўную ролю выконвае Жан-Луі Трэнціньян. Дарэчы, гэта другі галоўны прыз Канаў для аўстрыйскага кінематаграфіста. Тры гады таму Ханэке таксама стаў лаўрэатам галоўнай прэміі Канскага фэсту за фільм "Белая стужка", адзначае РБК.
Гран-пры атрымала сатырычная карціна "Рэальнасць" італьянскага рэжысёра Матэа Гаронэ, прыз журы фэсту — камедыя Кена Лаака "Анёлы".
Прыз за найлепшую акцёрскую працу сярод мужчын атрымаў дацкі акцёр Мадс Мікельсен за ролю ў фільме "Паляванне". Сярод жанчын узнагароду падзялілі румынскія акторкі Крысціна Флутур і Касміна Стратан за ролі ў фільме "За ўзгоркамі".
Прыз за лепшы сцэнар дастаўся румыну Крысціяну Мунгу за фільм "За ўзгоркамі". Рэжысёрскі прыз атрымаў іспанец Карлас Рэйгадас за карціну Post Tenebras Lux (лат. "Пасля цемры святло").
Фільм Сяргея Лазніцы "У тумане" паводле аповесці Васіля Быкава асноўных прызоў фэсту не атрымаў. Але, нагадаем, напярэдадні быў узнагароджаны прэміяй прэстыжнага конкурсу міжнароднай федэрацыі кінакрытыкі FIPRESCI.
На фота: Міхаэль Ханэке
Фота: gettyimages.com