Гамельчука затрымалі на мяжы з-за мядзведзіка
Станіслаў Яленскі вяртаўся з Украіны 18 лістапада праз памежны пункт пропуску "Новая Гута".
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", Яленскага спынілі памежнікі для пільнага дагляду. Прычынай для гэтага стала аплікацыя на заднім шкле аўто — мядзведзік з парашутам, якія трымае ў руках цыдулку "Привет ПВО!"
Па словах гамельчука, у памежнікаў не было ніякіх прэіэнзій да тавараў, якія ён вёз з Чарнігава. А вось аплікацыя выклікала пытанні. Яленскі заявіў, што з'яўляецца добраахвотным памочнікам памежнікаў па выяўленні нізка лятаючых самалётаў. Па яго словах, пры частым перасячэнні мяжы падчас стаяння ў чэргах ён сочыць за паветранай прасторай, каб вораг не пранік на нашу тэрыторыю.
Памежнікі, аднак жарт не ацанілі, і аўтамабіль гамельчука адагналі ўбок. Потым прыйшоў іншы памежнік з фотаапаратам і ва ўсіх ракурсах сфатаграфаваў медзведзяня на заднім шкле аўтамабіля.
Нагадаем, што сёлета 4 ліпеня шведскі самалёт нелегальна праляцеў на тэрыторыю Беларусі і скінуў плюшавых мядзведзікаў над Мінскам і Івянцом.
Фота — spring96.org