Ганна Бадрова: Беларусь чакае крэдыту Расіі як манны нябеснай
Нацвалюта ў Беларусі ва ўмовах адсутнасці адзінай валютнай палітыкі ў краіне працягвае балансаваць на мяжы чарговай дэвальвацыі.
Такое меркаванне выказала РасБалту аналітык "Інвесткафэ" Ганна Бадрова.
"Пакуль свет аднаўляецца пасля фінансавага крызісу і рэцэсіі, асобныя краіны так і не навучыліся рэгуляваць унутраную грашовую палітыку: за месяц беларускі рубель страціў больш за 3%, а з пачатку года "стаў лягчэйшы" амаль на 8%. Нацбанк не ўмешваецца ў працэс падзення валюты: грошай для ўлівання ў рынак у яго ўсё адно няма", — кажа эксперт.
На думку Бадровай, "у Беларусі зараз як манны нябеснай чакаюць крэдыту ад Расіі. Калі гэтыя грошы прыйдуць у краіну, валютную сітуацыю хоць неяк можна будзе ўрэгуляваць".
Бадрова мяркуе, што пасля крэдытнага ўлівання ў Беларусі "хутчэй за ўсё, будуць прынятыя новыя пакеты антыкрызісных захадаў, у тым ліку тых, якія тычацца і жорсткага скарачэння бюджэтных выдаткаў — гэта галоўная ўмова РФ, яна ж была раней рэкамендаваная МВФ".