Гданьскі беларускі ліцэй адкрыецца 1 верасеня
Пачаўся прыём заяў на навучанне ў Гданьскім беларускім ліцэі (Польшча). Усе прадметы тут будуць выкладацца па-беларуску.
Сярод ініцыятараў стварэння гэтай навучальнай установы з гуманітарным ухілам — "Таварыства беларускай школы", Клуб каталіцкай інтэлігенцыі Варшавы і Саюз інжынерыі навакольнага асяроддзя Гданьска. Ініцыятыву падтрымалі таксама мэр Гданьска Павел Адамовіч і міністр адукацыі Польшчы Катажына Хол.
Як паведаміў БелаПАН Уладзімір Колас, дырэктар былога Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя ім. Якуба Коласа, каля 80 чалавек з Беларусі і Польшчы будуць вучыцца тры гады па праграме, якая адпавядае курсу навучання ў 8-11-х класах сярэдняй школы Беларусі. Выпускнікі ліцэю будуць атрымліваць адукацыю ў адпаведнасці са стандартамі, прызнанымі ў Польшчы і Еўрасаюзе.