Генпракуратура не хоча, каб на "Барысаўдрэве" паўтарылася пінская трагедыя

Прычынай называюцца сістэмныя парушэнні ў арганізацыі бяспекі і дысцыпліны на прадпрыемстве. Работнікі Генпракуратуры, як паведамляе БЕЛТА, лічаць, што на прадпрыемстве існуе небяспека пажару. 


Падчас праверкі ў чэрвені 2010 года на гэтым прадпрыемстве выявілі больш за 300 парушэнняў правілаў і нормаў пажарнай бяспекі. Пазапланавая праверка адбылася сёлета ў студзені, і апроч ранешых парушэнняў былі выяўленыя яшчэ амаль 200 парушэнняў.

Аднак кіраўніцтва прадпрыемства фактычна праігнаравала патрабаванні пажарных інспектараў. Напрыклад, у цэху запалкавай вытворчасці трубы сістэмы пажаратушэння праржавелі, мацаванні ў іх практычна адсутнічаюць. На вадасцёкавых і ацяпляльных трубах, на прываконнях - шматсантыметровы пласт драўнянага пылу.

Нагадаем, што менавіта загаранне драўнянага пылу стала прычынай пажару на прадпрыемстве "Пінскдрэў", калі загінулі людзі.