Гісторыю і геаграфію Беларусі ў школах зноў будуць выкладаць па-беларуску
Гэта паабяцаў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.
У інтэрв'ю журналісту газеты "Звязда" чыноўнік заявіў: плануецца, што ўжо з новага навучальнага года беларуская мова павінна вярнуцца на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю.
Нагадаем, што пераход на выкладанне гісторыі Беларусі на рускую мову адбыўся ў 2006 годзе. Беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі.
Міністр адукацыі таксама запэўніў, што пры скарачэнні гуманітарнага блока дысцыплін у ВНУ пад яго не трапіць курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка".