Гомельскія дэпутаты выпішуць бібліятэкам 25-тамовік Караткевіча
Падарунак ад дэпутатаў абласнога савета атрымаюць 60 бібліятэк Гомельшчыны.
Як піша "Гомельская праўда", кожны дэпутат аблсавета для адной з бібліятэк у сваёй выбарчай акрузе аформіць за асабісты кошт падпіску на 25-тамовік Уладзіміра Караткевіча. Цяперашнія дэпутаты ўнясуць пачатковую плату за першы і апошні тамы (каля 105 тысяч рублёў) —гэтага патрабуюць умовы падпіскі.
Нагадаем, што апошні том выдання плануецца выпусціць у 2020 годзе. Таму пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў цяперашніх дэпутатаў іх справу павінны падхапіць наступнікі, якiя возьмуць на сябе далейшую аплату падпіскі. Што рабіць з будучымі дэпутатамі, якія не пажадаюць плаціць, не паведамляецца.
Як паведамляла Еўрарадыё, з прыватных асобаў на збор твораў Караткевіча падпісалася толькі каля 100 чалавек.