Грабеншчыкоў 1 красавіка сустрэнецца са студэнтамі гістфаку БДУ?

2 красавіка ў мінскім Палацы Рэспублікі — вялікі канцэрт культавага санкт-пецярбургскага гурту “Акварыум” у рамках юбілейнага канцэртнага туру “4000 год”. І  ўжо некалькі тыдняў у студэнцкіх колах цыркулюе інфармацыя, што напярэдадні канцэрта, 1 красавіка, Барыс Грабеншчыкоў завітае на гістарычны факультэт БДУ, інфармуе “Наша Ніва”.

Сярод студэнтаў, праз старастаў навучальных групаў, распаўсюджваюцца запрашальнікі, іх, ясная рэч, не хапае… Уваход на сустрэчу будзе бясплатны. Але гэта будзе і не канцэрт, а менавіта сустрэча, гутарка. Хоць БГ абяцае праспяваць і пару песень.

Усё выглядае досыць сур’ёзна, мноства людзей уцягнутыя ў падрыхтоўку, за запрашальнікі вядуцца інтрыгі шэкспіраўскага маштабу. Калі ўсё гэта выявіцца першакрасавіцкім жартам, дык гэта будзе жарт дзесяцігоддзя.