Гродзенка памалявала на 14 аўтамабілях цвіком і камнем (фота)
Свой занятак 9-гадовая дзяўчынка патлумачыла любоўю да малявання, паведамляе прэс-служба абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў.
Цяпер бацькі дзяўчынкі мусяць заплаціць за рамонт і перафарбоўку 14 аўтамабіляў.
У пачатку красавіка аўтаўладальнікі з гродзенскага мікрараёна “Дзевятоўка” сталі звяртацца ў міліцыю з заявай пра падрапаныя капоты і крылы машын. З аналізу малюнкаў супрацоўнікі крымінальнага вышуку зразумелі, што іх робіць дзіця альбо неўранаважаны падлетак. На машынах былі абрысы жывёл, часам нецэнзурныя надпісы.
Падчас аднаго з абходаў мікрараёна міліцыянты заўважылі дзяўчынку, якая маляваля каменчыкамі на асфальце. Праходзячы міма прыпаркаванага мікрааўтобуса, яна пакінула на ім драпіну.
Ужо ў прысутнасці бацькоў "мастачка" сказала, што любіць маляваць, але крэйды ў яе няма, таму вырашыла камнем і цвіком драпаць гладкія пакрыцці машын. 
Фота — s13.ru