Гродзенская сям'я можа трапіць пад "крыміналку" за пабудаванае жытло
Рэч у тым, што сям'я змудрылася пабудаваць дзве кватэры за ільготны крэдыт.
Як піша "Комсомольская правда", першай ільготны крэдыт на будаўніцтва жытла аформіла жонка. Потым такі ж крэдыт аформіў на сябе муж — вайсковец.
У Дзяржкантролі кажуць, што ва ўсім вінаватыя прабелы ў заканадаўстве. Калі жонка аформіла на сябе крэдыт, муж-вайсковец не абавязаны быў здымацца з уліку па месцы службы. І пакуль першую кватэру не пабудавалі, сям'я лічылася на ўліку тых, каму патрабуецца жытло. Таму вайсковец законна аформіў яшчэ адзін ільготны 35-адсоткавы крэдыт на кватэру.
Адзіны пракол дапусціла жонка. Жанчына трапляла ў катэгорыю дзяцей-сіротаў, якім належыць субсідыя пры будаўніцтве жылля. Жанчына падала непраўдзівыя звесткі пра сукупны даход сям'і, калі афармляла дакументы на субсідыю. Цяпер матэрыялы праверкі па кватэрах і субсідыі перададзеныя ў праваахоўныя органы. Яны вырашаюць, ці пачынаць крымінальную справу на гродзенскую сям'ю.
Фота — rielt.org