Гродзенскі аблвыканкам адшукаў “прымусовую беларусізацыю”

Ён папярэдзіў чыноўнікаў пра недапушчэнне прымусовай беларусізацыі. Што праўда, факты такога “прымусу” Вярсоцкі не прыводзіць, адзначае праваабарончы сайт "Вясна".

У адказе правабаронцам наконт сваіх лістоў Вярсоцкі адзначыў: “З ліста, накіраванага ў аддзелы культуры не вынікае, што палітыка беларусізацыі з’яўляецца недапушчальнай. Калі ўважліва чытаць, становіцца зразумела, што недапушчальнай з’яўляецца палітыка прымусовай беларусізацыі. Перакананы, што гэта розныя рэчы. Лічу, што палітыка прымусовай беларусізацыі, як і прымусовай русіфікацыі, прымусовага распаўсюджвання польскай ці іншай мовы з’яўляецца недапушчальнай. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць дадзенае Канстытуцыяй права свабоды выбару мовы для карыстання, як па сваіх службовых абавязках, так і ў асабістым жыцці”.

Дарэчы, 8 лютага 2012 года міністр культуры Павел Латушка на паседжанні калегіі Мінкультуры ў Мінску заявіў, што “план па папулярызацыі беларускай мовы не выконваецца ў поўнай меры”. А ў лістападзе 2010 года з ініцыятывы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры прынята рашэнне ўкараняць беларускую мову ў справаводства дзяржаўнай установы.

Фота — s13.ru