Гродзенскія міліцыянты затрымалі фермера з 10 т спіртавой вадкасці
Гэта самая вялікая ад пачатку года партыя спіртазмяшчальнай прадукцыі, канфіскаваная на тэрыторыі Беларусі.
Як паведамляе БЕЛТА, спірт перавозіў 45-гадовы кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі з вёскі Готаль Івацэвіцкага раёна Брэстчыны. Аўтамабіль маркі "МАЗ" пад яго кіраваннем быў затрыманы на дарозе ў Баранавіцкім раёне. Паводле дакументаў, фермер перавозіў пшанічнае вотруб'е з Тулы ў Маскву і чамусьці заскочыў у Беларусь.
У прычэпе пад вотруб'ем міліцянты знайшлі 2 тысячы пластыкавых бутэлек з 10 тонамі спіртазмяшчальнай вадкасці без этыкетак і дакументаў. Агульная сума тавару ацэньваецца ў 1 мільярд рублёў.
Па інфармацыі міліцыянтаў, спірт прызначаўся дробным аптавікам для далейшай рэалізацыі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.
Фота — flagma.ru