Грузчыку прапануюць удвая больш, чым настаўніку англійскай і інжынеру

Сярэдні заробак па краіне ў траўні склаў 1648,7 тысяч рублёў. Еўрарадыё параўнала яго з вакансіямі, якія паступілі у мінскі цэнтр занятасці апошнім часам (табліца ніжэй).

Лекары ў траўні ў сярэднім атрымалі па 2,3 мільёна рублёў, а сярэдні медыцынскі персанал – 1,3 мільёна. Але ніводная вакансія з сайта Мінгарвыканкама не можа прапанаваць лекарам заробак болей за 2,3 мільёна. 30-я гарадская паліклініка шукае хірурга за сярэдні заробак, а ў 4-ю гарадскую бальніцу патрабуецца уролаг за 700 тысяч рублёў. Медыцынскія сёстры могуць разлічваць на заробак 750 000-1500 000 рублёў, акушэркі – ад 460 тысяч рублёў да мільёна рублёў.

Сярэдні заробак настаўнікаў у траўні - амаль 1,6 мільёна рублёў. Пры гэтым большасць вакансій цэнтра занятасці прапануе настаўнікам заробак у 700-900 тысяч. Праўда, ёсць некалькі вакансіі ад 1 да 1,5 мільёнаў рублёў. А ёсць і вакансіі настаўнікаў гісторыі, хіміі і англійскай мовы ў 130 школе з акладам у 500 тысяч. Цікава, ці знойдуцца жадаючыя да верасня?

Кіроўцы могуць знайсці працу з заробкам 800-2100 тысяч рублёў. У вайсковай частцы 35703 кіроўца будзе зарабляць 850 тысяч рублёў, а на МЗКТ – 1,9 мільёна рублёў.

У СПК “Урыцкае” у Гомельскім раёне таксама патрэбныя кіроўцы. Напачатку заробак будзе 800 000-1000 000 рублёў. Далей – як пойдзе.

“Калі вы будзеце працаваць на МАЗе з прычэпам і задзейнічаны на ўборцы зернявых, то, зразумела, заробак будзе вышэйшы”, – тлумачаць у аддзеле кадраў СПК.

Механікі ва “Урыцкім” атрымоўваюць менш, чым кіроўцы. А электрагазазваршчыкі працуюць здзельна і маюць 1-1,5 мільёна рублёў.

Згодна з Белстатам, сярэдні заробак за травень у сферы транспарту склаў 1,77 мільёна рублёў, а ў сельскай гаспадарцы – 1,65 мільёна рублёў.

Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў уладкавацца на МАЗ, але гэта аказалася не так проста.

“На інжынерныя пасады прыёму няма, – рэзкім голасам адрэзала супрацоўніца аддзела кадраў аўтамабільнага гіганта. – Мы чакаем маладых спецыялістаў, якія да нас размеркаваліся. Аклад у іх на пачатку ад 800 000 рублёў. Гэта можа быць інжынер-тэхнолаг, інжынер-канструктар, майстар. Прыёму няма ўжо амаль 2 гады”.

Сярэдні заробак у сферы фінансавай дзейнасці па Белстату складае 2,7 мільёна рублёў. У той самы час большая частка вакансій на сайце Мінгарвыканкама эканамістам прапануе працу з сярэднім заробкам 900 000-1200 000 рублёў.

Можна ўладкавацца эканамістам на завод ацяпляльнага абсталявання з акладам 2,1 мільёна рублёў.

Ці ў агенцтва “Мінск-навіны” з заробкам у 500 тысяч рублёў. Праўда, грузчык у гандлёвым доме “Палессе” будзе зарабляць істотна болей.

Гандлёвы дом “Палессе”: “Графік працы па 2 дні. Напрыклад, з 8 да 8-мі. Часам даводзіцца працаваць 5 дзён з 9 да 18. Але гэта рэдка, калі шмат хто сыходзіць у адпачынак. У змене працуюць тры хлопцы. Аклад – 970 тысяч рублёў, з прэміяй будзе болей за мільён”.

Атрымоўваецца, што заробак грузчыка з прэміяй будзе ўдвая большы, чым у настаўніка хіміі ці англійскай мовы ў мінскай школе. І нават больш, чым у маладога спецыяліста, які пяць гадоў вучыўся ў ВНУ. А патрабаванні – санкніжка на руках і жаданне працаваць.

Сфера дзейнасці

Сярэдні заробак за травень (Белстат) (руб)

Сярэдні заробак па вакансіях цэнтра занятасці (руб)

Фінансавая дзейнасць

2703589

900 000-1200 000

Транспарт

1767 700

800 000-2100 000

Настаўнікі

1558 000

500 000-1500 000

Лекары

2329 500

700 000 – 2300 000

Сярэдні медыцынскі персанал 

1332 800

750 000 – 1500 000