Каб "захаваць аблічча", Беларусь мусіць адмовіцца ад сваёй валюты
Такое меркаванне выказаў расійскі эканаміст, які ў якасці "аналагічнага прыкладу" прывёў уваходжанне Эстоніі ў зону еўра.
Як заявіў ІА REGNUM расійскі эканаміст Аляксандр Сакалоў, беларускае грамадства жыве ў чаканні дэвальвацыі беларускага рубля, якая фактычна ўжо адбываецца. На ягоную думку, улады таксама ўсвядомяць непазбежнасць дэвальвацыі, "аднак страх згубіць аблічча перад грамадствам прымушае кіраўніцтва зацягваць гэты працэс". "Сёння мы з'яўляемся сведкамі дэфіцыту замежнай валюты, імклівага падвышэння коштаў на рознага кшталту тавары", — адзначыў Сокалаў, дадаўшы, што гэтая тэндэнцыя працягнецца.
Эксперт упэўнены, што для беларускага кіраўніцтва рэальная магчымасць захаваць аблічча — увесці расійскі рубель у якасці адзінага плацежнага сродку. Сакалоў нагадаў, што Эстонія, якая мела сур'ёзныя эканамічныя праблемы, своечасова ўвайшла ў зону еўра. Пазбавіўшы сябе фінансавага суверэнітэту, яна зрабіла выбар на карысць больш стабільнай валюты, эмісію якой ажыццяўляць сама не можа. Такім чынам, мінімізуюцца рызыкі інфляцыі і магчымай дэвальвацыі. "Беларуская нацыянальная валюта, у цяперашніх умовах беларускай эканомікі, такіх гарантый не дае", — лічыць Сакалоў.