Каля 55% ад кошту самай таннай гарэлкі беларусы аддаюць дзяржаве

Кожная купленая бутэлька піва, водкі, віна і пачак цыгарэт прынясуць дзяржаве с 1 лістапада “лішнія” 3000 тысяч рублеў да тых 8000 рублеў, якія яна бярэ цяпер.

З 1 лістапада падвышаюцца стаўкі акцызаў на алкаголь, тытунь і дызельнае паліва. Як зазначылі ў Міністэрстве фінансаў, рост ставак акцызаў на саракаградусны алкаголь і піва складзе 33,3%. Стаўкі на тытунёвыя вырабы — у сярэднім на 10%.

Найбольш дзяржава зарабляе пры пакупцы намі гарэлкі.

Як даведалася Еўрарадыё, адпускная цана самай таннай гарэлкі брэсцкага разліву — 10 800 рублёў, з якіх акцыз складае 6 тысяч рублёў. З падвышэннем ставак акцызаў на алкаголь на 33,3%, паведамілі на заводзе “Белалка”, кошт гарэлкі падвысіцца ў сярэднім да 13 200 рублёў. Дзяржава атрымае 8 тысяч рублёў.

Кошт прадукцыі віцебскага лікёра-гарэлачнага завода падвысяцца прыкладна на 30%.

“Пасля аплаты акцызаў, ПДВ нам застанецца каля 15%, — гавораць на віцебскім лікёра-гарэлачным заводзе. — Я думаю, што гэта вельмі выгадна дзяржаве — яна на такіх прадпрыемствах — алкагольных і тытунёвых — вельмі добра зарабляе. Але з падвышэннем коштаў мы баімся, што попыт на прадукцыю ўпадзе”.

З кожнай бутэлькі 0,7 л пладовага віна зараз мы аддаем каля тысячы рублёў на акцызы пры кошце бутэлькі — 5 тысяч рублёў. З новымі акцызамі віно вырасце ў цане прыкладна на 20%. А дзяржава атрымае з кожнай бутэлькі пладова-ягаднага каля дзвюх тысяч. “Адпускная цана бутэлькі 0,7 л у нас каля пяці тысяч, — гавораць Еўрарадыё на Баранавіцкім камбінаце харчовых прадуктаў, дзе вырабляецца віно пладова-ягаднае. — З улікам новых акцызаў, з кожнай бутэлькі 0,7 л мы будзем сплачваць па дзве тысячы акцызаў”.

Прыхільнікі піва з новымі акцызамі будуць сплачваць дзяржаве 1040 рублёў з бутэлькі піва "Лідскага" за 4.600.

З кожнай тысячы выпаленых цыгарэт гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман” з 1 лістапада курыльшчыкі будуць аддаваць у бюджэт каля 1130 рублёў. Аднак, як даведалася Еўрарадыё, з новымі акцызамі на тытунь цэны на цыгарэты гродзенскай фабрыкі “Нёман” не вырастуць.

 “У нас кошт пачкі цыгарэт вагаецца ад 1,5 да 4000 рублёў, — расказалі спецыялісты фабрыкі. — Акцыз вырасце на 34 рублі і складзе 1130 рублёў. На коштах гэта не адаб'ецца”.

Такім чынам, кожная набытая бутэлька піва, гарэлкі, віна або куплены пачак цыгарэт прынясуць дзяржаве с 1 лістапада “лішнія” 3000 тысяч рублёў да тых 8000, якія дзяржава бярэ зараз.