Кангрэс ЗША разгледзіць "Акт пра дэмакратыю ў Беларусі"
Пра гэта на сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху Беларусі заявіў кангрэсмен Крыстафер Сміт.
У гэтыя дні ў Вашынгтоне знаходзяцца Ірына Багданава (сястра Андрэя Саннікава), Ева Някляева (дачка Ўладзіміра Някляева), дырэктар "Вольнага тэатра" Наталля Каляда, палітык Аляксандр Казулін, журналістка Юлія Слуцкая і іншыя прадстаўнікі грамадскай супольнасці Беларусі, паведамляе "Хартыя-97".
Беларусы мелі магчымасць сустрэцца і распавесці пра сітуацыю ў Беларусі вядучым палітыкам ЗША. Так, на сустрэчы са спікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША Джонам Бэйнерам Аляксандр Казулін прапанаваў аднавіць слуханні ў Савеце бяспекі ААН пра сітуацыю ў Беларусі і разгледзець пытанне пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзідэнта і рэпрэсіі пасля іх. Казулін прапанаваў прызнаць сусветнай супольнасцю лідараў дэмакратычнага руху Беларусі легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народа і запатрабаваць справядлівых празрыстых выбараў у Беларусі.
Ірына Багданава заявіла пра старт кампаніі "Free Belarus Now!", у рамках якой будуць накіраваны лісты ў міжнародныя суды пра ініцыяцыю спраў пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі пасля падзей 19 снежня. Лісты будуць таксама накіраваны ў чатыры камісіі ААН.
Журналістка Юлія Слуцкая распавяла пра тэрор улад у стаўленні незалежных СМІ і заклікала амерыканскіх журналістаў не забываць пра нашу краіну. Яна адзначыла, што тэма жахлівых рэпрэсій у стаўленні беларускіх журналістаў і ўсёй грамадзянскай супольнасці не павінна сысці на другі план ва ўвазе грамадскасці цывілізаванага свету і салідарнасць амерыканскіх журналістаў шмат у чым можа гэтаму дапамагчы.
Ірына Багданава і Ева Някляева змаглі данесці да амерыканскай палітычнай эліты той боль, які перажываюць сваякі ўсіх тых, хто знаходзіцца ў засценках дыктатуры за свае палітычныя перакананні.
Амерыканскія палітыкі запэўнілі, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі і хуткім часам у Кангрэсе ЗША будзе разгледжаны адмысловы Акт пра дэмакратыю ў Беларусі. Прыняцце такога дакумента ўжо падтрымалі сенатары Дзік Дурбін, Джо Ліберман, Джон Бэйнер.