Канкурэнт Чавеса пра візіт Лукашэнкі: “Колькі нам каштуе гэты візіт?”

Lukashenko_Chavez_2012.mp3

Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Венесуэлу ў самы разгар перадвыбарнай гонкі. Венесуэльцы пойдуць выбіраць прэзідэнта менш чым праз 4 месяцы.

Адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у Венесуэле, малады адвакат Энрыка Капрылес Радомскі, з нагоды прыезду Аляксандра Лукашэнкі напісаў у сваім Твітары: "Сёння ў нашу Венесуэлу прыязджае прэзідэнт Беларусі. Колькі нам будзе каштаваць гэты візіт?" І дадаў: “Абяцаю поўнае працаўладкаванне для венесуэльцаў”.

Іроніяй лёсу, продкі галоўнага саперніка Чавеса паходзяць з нашага рэгіёну. Яго дзед па прозвішчы Радомскі ў афіцыйнай біяграфіі значыцца як яўрэй руска-польскага паходжання. На жаль, месца нараджэння не падаецца. Але цалкам верагодна, што пад так званым “руска-польскім” паходжаннем хаваецца нейкае беларускае мястэчка.

Летась на беларуска-венесуэльскіх адносінах адмоўна адбіліся дзве падзеі. Па-першае, Расія з канца 2011 г. падала льготныя ўмовы паставак энергарэсурсаў, і вазіць нафту праз палову планеты стала канчаткова нявыгадна. Па-другое, адбыўся скандал з кіраўніцтвам канцэрна Белзамежбуд, які рэалізоўваў асноўныя беларуска-венесуэльсуія праекты. Яго кіраўнік Шаўцоў апынуўся ў ізалятары КДБ.

Аляксандр Лукашэнка: "Што тычыцца Шаўцова, то па ўсіх яго дзеяннях пачалі крымінальную справу. Па крадзяжы, па вывазе грошай прад'яўленыя абвінавачанні, і правапарушэнні ў Венесуэле".

Пасля скандалу з “Белзамежбудам” у венесуэльскай прэсе з'явілася некалькі негатыўных артыкулаў пра супрацоўніцтва з беларусамі, пісалі нават пра “беларускую мафію”. Ці, у лепшым выпадку, не згадвалі пра беларусаў зусім. Кажа беларуска, якая больш за год працавала ў Венесуэле:

“Пасля з'явіўся яшчэ адзін артыкул пра трактарны завод, і там пра беларусаў не было згадкі зусім! Так падавалася інфармацыя, быццам яго сам Чавес зрабіў. Ніводнага слова пра сяброўства, ніякіх дыфірамбаў, ніводнай згадкі пра беларусаў увогуле!”

Але цяпер Чавес забыўся пра былыя крыўды і спяшаецца выкарыстаць візіт Лукашэнкі ў палітычных мэтах. Народу трэба паказаць завершаныя праекты з удзелам беларусаў – у тым ліку, комплекс сацыяльнага жылля ў горадзе Маракай і трактарны завод.

На фота: Кандыдат ад апазіцыі Энрыка Капрылес