Кантынентальная хакейная ліга выкрыла махінацыі каманды Лукашэнкі
Чарговы калядны хакейны турнір выклікаў нечаканы рэзананс. Бакі працягваюць высвятляць адносіны нават па заканчэнні фінальнага матчу, паведамляе "Салідарнасць".
Нагадаем, што ў вырашальнай гульні каманда Лукашэнкі саступіла расіянам — 2:3.
Параза прэзідэнцкай дружыны — вельмі рэдкі выпадак: за ўвесь час існавання гэтай каманды вядома толькі пра тры яе няўдачы. Зрэшты, стаў вядомы няхітры сакрэт, з дапамогай якога "аматарская" каманда Лукашэнкі дамагаецца поспехаў.
На афіцыйным сайце Кантынентальнай хакейнай лігі з’явілася нататка, якая пралівае святло на некаторыя абставіны нядаўняй гульні. "Аматарскі статус турніру не перашкодзіў гаспадарам з першага матчу прыцягваць у склад сваёй каманды хакеістаў-прафесіяналаў, якія выступаюць у Адкрытым чэмпіянаце Беларусі і колькасць якіх да вырашальнай сустрэчы дасягнула деcяці, так што расійцам супрацьстаяла фактычна зборная клубаў Беларусі", -гаворыцца на сайце КХЛ.