Капітану "Коста Канкордзіі" пагражае 2697 гадоў турмы
Такім тэрмінам папрасіла пакараць Франчэска Скеціна італьянская пракуратура.
Нагадаем, круізны лайнер пацярпеў катастрофу каля берагоў Італіі ў ноч з 13 на 14 студзеня. У той момант на ім знаходзіліся каля 4200 пасажыраў і чальцоў экіпажу. 17 чалавек загінулі, столькі ж лічацца зніклымі без вестак.
Капітан "Коста Канкордзіі" быў затрыманы ў той жа дзень, пазней суд выпусціў яго пад хатні арышт. Пракуратура не выключае, што Скеціна можа ўцячы і таму прапануе яго адправіць за краты. Канчатковае рашэнне будзе прынятае 10 лютага.
Як адзначае БЕЛТА, вялізны тэрмін, які патрабуе для капітана пракуратура, складаецца з 15 гадоў за прычыненне смерці, 10 гадоў за крушэнне лайнера і па 8 гадоў за кожнага загінулага, зніклага без вестак і кінутага ім на волю лёсу пасажыра — агулам гэта 334 чалавекі.
Фота: bt.dk