Каралін Вазняцкі не зважае на крытыку за гульню з Лукашэнкам

Першая ракетка свету Каралін Вазняцкі не шкадуе пра тое, што падчас дабрачыннага матчу ў Мінску згуляла супраць Аляксандра Лукашэнкі. "Не трэба блытаць палітыку і спорт. Я там была, каб гуляць у тэніс. Я не шкадую, і я зрабіла б гэта ізноў", — цытуе дацкую тэнісістку агенцтва БелаПАН.

Супрацоўнік мясцовага тэніснага саюза заявіў, што яго арганізацыя не мае патрэбы ў "неспадзяваных меркаваннях" палітыкаў наконт прыватнага візіту Вазняцкі ў Беларусь.

Нагадаем, дабрачынны матч, падчас якога Каралін Вазняцкі разам з беларускай Вікторыяй Азаранка згуляла супраць Аляксандра Лукашэнкі, стаўся часткай выбарчай кампаніі прэзідэнта Беларусі. Днямі прадстаўнікі шэрагу дацкіх партыяў заклікалі тэнісны саюз і міністра культуры краіны прыняць захады, каб падобнага больш не адбылося.

У прыватнасці, сябра Сацыялістычнай народнай партыі Даніі Камаль Курэшы заявіў, што "калі зорка тэніса гуляе з дыктатарам — гэта няварты сігнал для дацкай моладзі".