Кэтрын Эштан: ЕС заклікае ўсе дзяржавы гарантаваць бяспеку журналістаў
З нагоды Сусветнага дня свабоды друку з дэкларацыяй ад імя Еўрасаюза выступіла Кэтрын Эштан, высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і пытаннях бяспекі.
У дакуменце гаворыцца: "Свабода выказвання, замацаваная ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, пакідае за кожным права прытрымлівацца сваіх меркаванняў без перашкодаў, а таксама шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю ды ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў. З нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы Еўрапейскі Саюз узгадвае гэтыя прынцыпы і аддае даніну павагі ўсім тым, хто змагаецца за захаванне свабоды выказванняў і за свабодную, плюралістычную прэсу ды іншыя СМІ.
Цэнзура і пераслед рэдактараў, аўтараў, журналістаў ці блогераў непрымальныя, як і прымянне да іх гвалту ці арышты з ініцыятывы дзяржавы. ЕС захапляецца мужнасцю журналістаў, якія — часта ў надзвычайна небяспечных умовах — працягваюць распраўсюджваць незалежную інфармацыю. ЕС заклікае ўсе дзяржавы гарантаваць бяспеку журналістаў і дазволіць ім выконваць сваю жыццёва важную ролю — паведамляць пра падзеі і каментаваць тое, што адбываецца, незалежна і не баючыся гвалту і абвінавачанняў.
Свабода выказвання распаўсюджваецца на Інтэрнэт ды іншыя сродкі, і ЕС цвёрда выступае супраць любых неабгрунтаваных, непрапарцыйных абмежаванняў доступу да гэтых сродкаў і ў іх выкарыстанні".
Фота — AFP