“Чорныя спісы” ЕС: Хроніка скандалу
Як неўязныя чыноўнікі пасварылі апазіцыянераў.
1 лютага
Рымашэўскі паведамляе, што беларускія палітыкі і Брусельскі офіс "За дэмакратычную Беларусь" хочуць скараціць "чорны спіс" неўязных у Еўрасаюз на 25 чалавек.
Кіраўнік брусэльскага офіса "За дэмакратычную Беларусь" Вольга Стужынская пацвярджае, што са спіса прапануецца выкрасліць Уладзіміра Пефціева ды рэктараў ВНУ.
Вольга Стужынская распавядае, што візавыя санкцыі шкодзяць палітвязням.“Пытанне стаіць не пра тое, каго зняць ці дадаць, а ўвогуле пра эфектыўнасць візавых санкцый як метаду ўплыву на сённяшнія адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. На сённяшні момант мы не лічым гэта інструментам, які мог бы палепшыць сітуацыю. На мой погляд, такія крокі хутчэй пагоршаць стан як палітзняволеных, так і ўвогуле стан грамадзянскай супольнасці, ды звузяць магчымасці для грамадзянскай супольнасці працаваць — у першую чаргу па праграмах, звязаных з Еўрасаюзам".
2 лютага
У Брусэлі прайшла сустрэча шэрагу дэпутатаў Еўрапарламента і сябраў арганізацый беларускіх палітычных уцекачоў. Гаворка ішла пра скарачэнне "чорнага спіса".
Сяргей Аксімовіч, дырэктар "Офіса беларускай палітычнай эміграцыі", паведаміў, што еўрапарламентарыі здзіўленыя, што беларусы не маюць адзінай пазіцыі, і гэта моцна адбіваецца на стаўленні еўрапарламентарыяў да сітуацыі ў Беларусі. Сам ён не згодны з пазіцыяй Стужынскай і выступае за пашырэнне санкцыяў супраць беларускіх уладаў.
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі нічога не чуў пра ініцыятыву "Офіса за дэмакратычную Беларусь" наконт таго, каб ЕС перагледзеў цяперашні спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў, і лічыць, што "чорны спіс" трэба хутчэй пашыраць, а не звужаць.
Стужынская не разумее негатыўнай рэакцыі на перагляд спіса неўязных: сутнасць ініцыятывы — не паменшыць колькасць уключаных у спіс, а ўдакладніць крытэрыі візавых санкцый і перагледзець сам спіс.
Халезін у сваім жж: “Насамрэч, сітуацыя да непрыстойнасці простая. 24 прозвішчы ў спісе толькі прыкрываюць тую адну, дзеля якой усё ладзілася. Уладзімір Пефціеў, чый доступ да яго ўласнасці ў Еўропе зачынены, сёння актыўна займаецца пытаннем сваёй "еўрапейскай рэабілітацыі". Першым з яго "грантаў" стала былая намеснік галоўнага рэдактара "Советской Белоруссии" Ганна Шадрына, якая паспрабавала праз суд аспрэчыць пазбаўленне права на ўезд у краіны ЕС. Цяпер — Воля Стужынская, якая выказала здагадку, што яе аргументацыя вытрымае грамадскую дыскусію на гэтую тэму."
3 лютага
Палітэмігранты Беларусі падпісваюць сумесную заяву, дзе называюць ініцыятыву скараціць спіс "безадказнай і амаральнай" і патрабуюць пашырыць санкцыі.
Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, паведамляе: "Мяч на баку беларускіх улад. Яны павінны вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, і тады ЕС зможа рэагаваць адпаведна”.
Еўрарадыё налічыла 9 чалавек, за вяртанне права ўезда ў Еўропу якім збіраецца хадайнічаць офіс “За дэмакратычную Беларусь”: 5 рэктараў, 2 былыя журналісты, 1 бізнэсовец і 1 памерлы чыноўнік. Яшчэ трое, верагодна, дзейсныя намеснікі Паўла Якубовіча, якія не займаюцца пытаннямі палітыкі. Хто астатнія 13, пакуль што невядома.
4 лютага
Танкачова для "Радыё Рацыя": "Спадарыня Стужынская ў дадзеным выпадку агучвала свой пункт гледжання, які ніякім чынам не быў абмеркаваны і не ўзгоднены папярэдне ў асяроддзі беларускіх грамадскіх арганізацый".
6 лютага
Халезін паведамляе: Стужынская сцвярджала, што падпісантамі звароту з'яўляюцца прадстаўнікі розных арганізацый, але назваць іх імёны адмовілася. На справе ж ініцыятарамі ліста сталі "маладыя прагматыкі", аб'яднаныя вакол BISS, — Юры Чавусаў, Дзяніс Мельянцоў, Аляксей Пікулік, да якіх далучыўся "старэйшы таварыш" — Пётр Марцаў. А ў сакавіку вялікая група прадстаўнікоў "маладых прагматыкаў" накіруецца ў Брусэль, каб развіваць там ідэю адмены санкцый, удзелу апазіцыі ў выбарах і пабудовы "маста сярбоўства" паміж беларускай дыктатурай і кіраўніцтвам Еўрасаюза.
Aдмовіліся падпісваць гэты сумнеўны дакумент эканамісты Леанід Заіка і Леанід Злотнікаў, аналітыкі Аляксандр Класкоўскі і Павел Усаў, сацыёлагі Андрэй Вардамацкі і Алег Манаеў, цэлы шэраг праваабаронцаў і грамадскіх дзеячаў.
Вольга Стужынская сцвярджае, што бізнэсмэн Пефціеў ніколі да яе не звяртаўся. "Рэжым фінансуюць сотні бізнэсмэнаў, а ў спісе чамусьці ўсяго адзін".
eurobelarus.info паведамляе: праваабаронца Cтэфановіч: “Стужынская не звярталася па кансультацыю да праваабаронцаў. Для мяне дзіўна, што Вольга Стужынская выступала нібыта ад імя некаторых няўрадавых арганізацый, наколькі я ведаю, ніякіх кансультацый у Беларусі, прынамсі, з праваабарончымі арганізацыямі, не было".
7 лютага
"Народная воля" паведамляе: Вольга Карач "Прыбраць каго-небудзь з спіса невыязных — гэта прадэманстраваць Аляксандру Лукашэнку ўсю слабасць еўрапейскай палітычнай сістэмы".
Радыё "Свабода" апублікоўвае адказы тых, хто, паводле слоў Халезіна, падпісаўся пад ініцыятывай скарачэння “чорнага спіса” і тых, хто адмовіўся ад гэтага. Чавусаў і Марцаў пацвердзілі, што супраць візавых санкцый, але не падпісвалі ніякіх лістоў. А Леанід Злотнікаў і Аляксандр Класкоўскі, якія нібыта адмовіліся падпісаць ліст, нічога пра яго не чулі.
Аляксей Пікулік пацвердзіў, што BISS супрацоўнічае з "Офісам за дэмакратычную Беларусь" i высока цэніць гэта супрацоўніцтва, але не ведаў пра яго ініцыятыву скарачэння спіса і ўвогуле лічыць, што такія прапановы павінны публічна абмяркоўвацца праваабарончымі арганізацыямі і грамадзянскай супольнасцю.
8 лютага
Міхалевіч распавядае: "Пефціеў прапанаваў мільён долараў таму, хто даб'ецца выключэння яго прозвішча з "чорнага спіса" Еўрасаюза, я чуў з некалькіх крыніцаў".
9 лютага
Вольга Стужынская абвінавачвае мастацкага кіраўніка "Свабоднага тэатра" Мікалая Халезіна і экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча ў паклёпе. Паводле яе слоў, офіс толькі выказаў меркаванне наконт мэтазгоднасці візавых санкцый і прапанаваў перагледзець спіс неўязных.