Кіраўнік МЗС возьме ўдзел у 18-й сесіі Савета міністраў АБСЕ
Яна пройдзе 6—7 снежня ў Вільні.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных, Сяргей Мартынаў узначаліць афіцыйную беларускую дэлегацыю. Чакаецца, што ўдзел у сесіі Саўміна АБСЕ прыме амбасадар Беларусі ў Аўстрыі Валерый Варанецкі.
На мерапрыемства прыедуць міністры замежных справаў 56 краін — сяброў АБСЕ, дзяржаваў-партнёраў Арганізацыі ў Паўночнай Афрыцы і Азіі. Таксама плануецца ўдзел вярхоўнай прадстаўніцы Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
На паседжанні чакаецца прыняцце важных рашэнняў па пытаннях бяспекі журналістаў і энергетычнай бяспекі. Таксама ў Вільні абмяркуюць барацьбу з кіберпагрозамі і распаўсюдам наркотыкаў, меры па ўмацаванні даверу ў ваеннай сферы і сферы бяспекі.