Кіроўцу запісалі ў мёртвыя, а ён заляцаецца да медсясцёр?
Ёсць сведчанні, што 27-гадовы бабруйскі аўтамабіліст пасля жудаснай аварыі хутка ідзе на папраўку.
Пра смяротнае ДТЗ 22 ліпеня напісалі многія сайты краіны. Але смерць недысцыплінаванага кіроўцы абвяргаецца інфармацыяй з блогу бабруйскага доктара хуткай дапамогі Канстанціна Таўстаногава. Лекар апісвае выпадак, які вельмі падобны да нядаўняга дарожнага інцыдэнту.
Кліент… усю ноч напярэдадні атрымання траўмы пракіляў на лецішчы. Раніцай на чужой машыне некуды паляцеў… на жвіраванцы не справіўся і паляцеў у лес. Ратавальнікі выламалі яго з машыны, вынеслі на шчыце на дарогу. Глыбокая кома, парушэнне дыхання, — піша Канстанцін Таўстаногаў. — Мы яго запакавалі, заінтубіравалі, падлучылі на ШВЛ, раздыхалі, здалі нейрахірургам з рэаніматолагамі. Пяць сутак комы, на ШВЛ… Але, як кажуць, чым прасцей канструкцыя, чым складаней яе зламаць”.
Па словах лекара, хворы зараз прыйшоў у сябе і знаходзіцца "на спантанным з падтрымкай, простыя каманды выконвае, падчас перавязак намагаецца сясцер за клубы схапіць..."