Кошты на садавіну і гародніну ў Варшаве на парадак меншыя, чым у нас

Браты-блізняты Марыюш і Артур Віткоўскія ўсё свядомае жыццё працуюць на зямлі. Гэтаксама, як іх бацькі і яшчэ два браты. Шмат хто ў Варшаве ведае і пастаянна набывае ўзрошчаную Віткоўскімі садавіну і гародніну.

Віткоўскі: У нас 6 га зямлі. Гаспадарка ў 45 кіламетрах ад Варшавы. Галоўным чынам мы займаемся культывацыяй садавіны, а менавіта яблыкаў. Цяпер пачынаецца сезон клубніц, а потым вішні, чарэшні, слівы, персікі, з'явяцца агуркі.

Лічу, што цэны ў нас больш чым даступныя. За пучок радыскі просім 1-1,5 злотых, кальрабі каштуе 1,5 злотых. Клубніцы цяпер па 7злотых за кілаграм, але праз тыдзень-другі, з надыходам сезону цана ўпадзе. Пучок зялёнай цыбулі за 1,5 злотых, набор гародніны для супа - 2,5. За такую ж цану прадаем цыбулю і моркву з мінулагодняга ўраджаю. Вялікія прыгожыя памідоры ў нас па 5 злотых за кілаграм, меншыя – па 4. Квяцістая капуста па 3 злотых. Не так даўно ў продажы з'явілася маладая бульба, яна пакуль што дарагаватая, па 4-5 злотых за кіло. Але мінулагоднюю можна набыць усяго за 1,6 злотых.

Калі ўраджай выдаецца добры, браты-фермеры наймаюць памочнікаў. Па іх словах, земляробства робіцца ўсё больш выгадным заняткам.

Віткоўскі: Усё развіваецца і ідзе наперад. Раней мы галоўным чынам экспартавалі прадукцыю на ўсход, у Расію. І тады, калі ўраджай быў добрым і садавіны было шмат, яна прадавалася па зусім нізкіх коштах. Цяпер жа ж мы рэалізуем наш тавар толькі ў Польшчы. Мой тата пастаянна атрымлівае дапамогу ад дзяржавы. Я дакладна не ведаю, якую суму датацый яму пералічваюць, але ведаю, што нешта плоцяць. 

Не забываюцца браты Віткоўскія і на сваіх беларускіх калегаў. 

Віткоўскі: Мы ведаем, што фермерам у вас вельмі цяжка. А калі камусьці цяжка, мы заўжды яму спачуваем. Добра было б, калі б вы бралі прыклад з нас, а ваш прэзідэнт каб прыслухоўваўся да людзей.

Даведка Еўрарадыё: Мінімальны заробак у Польшчы са студзеня 2011 г. складае 1385 злотых (500 USD).