Кожны шосты літоўскі бізнэсмэн лічыць спрыяльнымі бізнэс-умовы ў Беларусі
Астатнія лічаць беларускае бізнэс-асяроддзе нявыгадным.
Пра гэта сведчаць вынікі апытання 103 літоўскіх бізнэсоўцаў, каля паловы з якіх працуюць у Беларусі. Апытанне зладзіла юрыдычная фірма „Raidla Lejins & Norcous“, паведамляе партал lrytas.lt.
Тры чвэрці літоўскіх бізнэсоўцаў, што працуюць у Беларусі, скардзяцца на празмерную бюракратыю. З ёй штодзённа сутыкаецца кожны трэці, амаль палова — некалькі разоў у месяц.
Разам з тым, меркаванні літоўскіх прадпрымальнікаў, якія ўжо вядзе бізнэс у Беларусі, больш станоўчыя за тых, хто сваю справу ў нашай краіне яшчэ не мае. Тыя з прадпрымальнікаў, якія яшчэ не прыйшлі ў Беларусі, чакаюць, калі ў краіне стане больш яснай макраэканамічная сітуацыя, зменшацца карупцыя, палітычныя рызыкі і валютнае рэгуляванне. "Тыя, хто ўжо дзейнічае ў Беларусі, з гэтымі перашкодамі не сутыкаюцца і так не лічаць", — кажа Імантас Норкус, супрацоўнік кампаніі, якая зладзіла бізнэс-апытанне.
У 2011 годзе наўпроставыя літоўскія інвестыцыі ў Беларусь склалі каля 10 млн долараў, ці 0,7% усіх інвестыцый, што паступілі ў Беларусь.
Фота — webnewsmedia.net