Крымінальную справу бізнэсоўца Віктара Шаўцова расследуе КДБ

Як адзначае БелаПАН, раней паведамлялася, што крымінальную справу расследуе МУС. Шаўцоў уваходзіць у дзясятку самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў. Ён старшыня савета дырэктараў кампаніі "Белзамежбуд", кіраўнік назіральнага савета "Трастбанку". Таксама ён мае актывы ў кампаніі "МАЗ-МАН", музеі старадаўніх народных рамёстваў "Дудуткі".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Шаўцова затрымалі ў сярэдзіне кастрычніка — пачатку лістапада. Паводле чутак, нагодай для арышту маглі стаць праблемы кампаніі "Белзамежбуд", якая займаецца будаўнічымі праектамі ў Венесуэле. Гаварылася, быццам венесуэльскія партнёры злавілі беларусаў пры спробе скрасці дзве тоны арматуры. Інфармацыя пра гэта прагучала падчас чарговага візіту ў Венесуэлу памочніка прэзідэнта Віктара Шэймана. Потым пра скандал далажылі Лукашэнку.