Літоўскага студэнта асудзілі за знявагу ахвяраў тэракту ў Мінску
Віленскі трэці ўчастковы суд 15 красавіка разгледзеў крымінальную справу над студэнтам, які абразіў памяць ахвяраў у мінскім метро.
Згодна з паведамленнем суда, крымінальная справа супраць студэнта-першакурсніка прайшла ў паскораным парадку. Справа была распачатая па 1 частцы 284 артыкула (парушэнне грамадскага парадку). Паводле справы, сёння, у 4:50 раніцы па мясцовым часе, студэнт Кяроліс Гярулайціс вяртаўся з начнога клуба. Побач з амбасадай Беларусі ў Літве ён пачаў нагамі раскідваць свечкі і кветкі, якія людзі прынеслі, каб ушанаваць памяць загінулых падчас тэракту ў Мінску. Паліцыянты, якія дзяжурылі каля амбасады, затрымалі парушальніка.
Суд кваліфікаваў дзеянні хулігана як дзёрзкі вандалізм. Такімі дзеяннямі, на думку суд, Гярулайціс абразіў не толькі памяць загінулых і тых, хто выжыў, але і людзей, якія выказалі спачуванні і прынеслі кветкі і свечкі да амбасады.
Парушальнік умоўна асуджаны на год. Яму забаронена пакідаць краіну і мяняць адрас пражывання, ён мусіць знаходзіцца дома з 22:00 да 06:00, а таксама 60 гадзінаў адпрацаваць на грамадскіх працах, перадае ІА REGNUM.