Лазавік: за выказванні, што шакавалі АБСЕ, мяне не пакаралі

У інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына згадала пра сваю ліпеньскую паездку ў Вену на канферэнцыю АБСЕ “Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі”. "Калі я знаходзілася ў Вене, а ў гэты час сакратар Цэнтрвыбаркаму выказаўся, што, на яго погляд, наогул не трэба было запрашаць назіральнікаў, кіраўніцтва АБСЕ было шакавана, — распавядае Ярмошына. — Як гэта, старшыня гаворыць, што трэба, а сакратар асмеліўся выказаць нешта супрацьлеглае".

Вось што распавёў пра гэта Еўрарадыё сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

“Я не думаю, што з-за гэтага ў мяне могуць ці маглі ўзнікнуць складанасці. Неаднаразова ўзнікалі такія сітуацыі, калі два кіраўніка, што працуюць на прафесійнай аснове — старшыня і сакратар, па адным пытанні маюць меркаванні, якія адрозніваюцца, а часам нават і супрацьлеглыя. І гэта цалкам натуральна!”.

Па словах Лазвіка, тое, што за сваё меркаванне, якое супярэчыла пазіцыі Лідзіі Ярмошынай і кіраўніцтва краіны, ніяк не пакаралі сведчыць, што "Цэнтрвыбаркам кіруецца дэмакратычнымі прынцыпамі ў сваёй працы".