Лукашэнка — за альтэрнатыўны пункт гледжання ў медыйнай прасторы Расіі
Пра гэта беларускі прэзідэнт заявіў сёння на сустрэчы ў Мінску з прадстаўнікамі расійскіх СМІ.
Выступаючы перад журналістамі 11 расійскіх выданняў, Лукашэнка заявіў пра важнасць інфармавання грамадскасці двух краін з пазіцый "аб'ектыўнасці і шчырасці".
Ён адзначыў, што ўважліва адсочвае тое, што адбываецца ў медыйнай прасторы Расіі, і выказаў шкадаванне з нагоды таго, што спадарожнікавы канал "Беларусь-ТБ" сутыкаецца з вялікімі праблемамі ў прасоўванні ў расійскай інфармацыйнай прасторы. "Напрыклад, у Маскве, калі мы папрасілі, каб гэты канал глядзелі масквічы, з нас запрасілі за гэтую паслугу каля 20-25 млн долараў і шэраг іншых умоваў. Нам няпроста, але ў асобных рэгіёнах, дзе расійскія ўлады ідуць нам насустрач, людзі маюць магчымасць глядзець гэты канал і хаця б навінавыя перадачы з Беларусі. Яны могуць паглядзець альтэрнатыўны пункт гледжання таму, які прапаведуецца на асноўных каналах расійскага тэлебачання і ў некаторых газетных СМІ", — сказаў Лукашэнка.