Лукашэнка загадаў МЗС займацца замежным гандлем
І змагацца "за кожнае месца для беларускага тавара на паліцы замежнага супермаркета".
Прасоўванне замежнаэканамічных інтарэсаў беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назваў галоўнай задачай беларускай дыпламатыі. Гэтая заява прагучала на прадстаўленні Уладзіміра Макея ў якасці кіраўніка МЗС. Дынаміка замежнагандлёвых паказчыкаў, аб'ём прыцягнутых інвестыцый павінны быць галоўнымі індыкатарамі ацэнкі кожнага кіраўніка ў сістэме органаў дыпламатычнай службы, заявіў Лукашэнка.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы паведаміў, што Беларусь гатовая старанна вучыцца ўсяму новаму і перадавому, але без панукванняў, пагроз і шантажу.
"Псіхалогія нашага народа такая, што нельга прымусіць яго пераскочыць праз некалькі этапаў развіцця і апынуцца "ў шчаслівай дэмакратычнай будучыні". Логіка развіцця ўсіх дзяржаў свету кажа пра неабходнасць спакойнага, эвалюцыйнага, паступальнага развіцця", — перадае БЕЛТА словы Аляксандра Лукашэнкі.
Фота — belforex.com