Лукашэнка заяўляе, што рэвалюцыі ў Беларусі ніколі не будзе

Аляксандр Лукашэнка лічыць бесперспектыўнымі спробы ажыццявіць рэвалюцыю ў Беларусі на ўзор тых, што нядаўна адбыліся ў шэрагу дзяржаваў.

"Не дачакаецеся. Беларусь — не Блізкі Усход, палітыка беларускага кіраўніцтва і палітыка блізкаўсходніх кіраўнікоў кардынальна адрозніваюцца. Тут некаторыя паспрабавалі "падарваць" сітуацыю, але нічога не атрымалася. Такога ніколі не будзе, абяцаю", — заявіў беларускі лідар.

На думку Лукашэнкі, ліміт рэвалюцый для Беларусі вычарпаны, таму трэба набрацца цярпення і спакойна ажыццяўляць змены да лепшага. "Эвалюцыйныя змены мы вітаем, рэвалюцый тут не будзе", — падкрэсліў ён.

Таксама кіраўнік Беларусі лічыць магчымым нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам, але без дыктату і санкцый з боку Еўропы. Па яго словах, Беларусь зрабіла насустрач Еўрасаюзу шмат крокаў, а ў адказ атрымала толькі ўзмацненне санкцыяў.

Таксама ён выказаўся і пра палітвязняў: "За што санкцыі? Кажуць, у нас ёсць нейкія палітвязні. Добра, прыедзьце і пакажыце хоць аднаго палітвязня, але прыедзьце як спецыялісты, а не як журналісты".

У адказ на санкцыі Еўропы Лукашэнка прыгразіў нелегальнай міграцыяй. Па яго словах, у Беларусі 210 тысяч чалавек, якія імкнуцца нелегальна трапіць У Еўрасаюз.