Лябедзька: Прызначэнне Шэймана — падрыхтоўка да масавай прыхватызацыі
Такое меркаванне выказаў кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў каментары Еўрарадыё.
Нагадаем, што Віктар Шэйман сёння прызначаны кіраўніком справамі прэзідэнта.
Анатоль Лябедзька: "Я не выключаю, што тут ёсць прамая сувязь з планамі і намерамі на буйную беларускую прыватызацыю (ці прыхватызацыю). У свой час, пры Ціцянкову, Кіраўніцтва справамі было магутнай камерцыйнай структурай. Як сведчыць практыка, гэта залежыць ад таго, хто яе ачольвае. Прызначэнне Шэймана можа азначаць, што Кіраўніцтва справамі зноў становіцца моцнай камерцыйнай структурай. Я не выключаю, што праз яе будзе праводзіцца сейфавая прыхватызацыя".
На думку Лябедзькі, пры будучай "сейфавай прыватызацыі" будзе мець значэнне не прафесійная прыдатнасць кіраўніка справамі, а яго асабістая адданасць Аляксандру Лукашэнку. І ў гэтым сэнсе ён надае Віктару Шэйману "нумар адзін".
Фота — bymedia.net