"Ляпісы", "Тубсы", "Нейра Дзюбель" упершыню сталі экспанатамі фотавыставы
А фатограф Tarantino паказаў "адваротны бок беларускіх зорак"
Адзін з самых вядомых мінскіх канцэртных фатографаў Аляксандр Ждановіч(Tarantino) прэзентаваў першую персанальную выставу пад назвай “Адваротны бок зорак”. З новымі працамі Tarantino амаль штодзённа можна знаёміцца на Інтэрнет-старонцы Еўрарадыё альбо ў прыватным блогу фатографа i_n_d_e_e_z.livejournal.com

Выставу “Адваротны бок зорак” можна смела лічыць першай у Беларусі дэманстрацыяй канцэртных фота: упершыню беларусы атрымалі магчымасць убачыць сваіх куміраў на фота вялікага фармату, заўважыць нябачныя раней асаблівасці мімікі альбо рухаў.

Канцэртная фатаграфія – складанае ўзаемадзеянне рэпартажнай дакладнасці і мастацкага вобразу, звычайнасць ракурсаў у незвычайным бачанні фотамастака. Паводле журналісткі, фатографа, арганізатара выставы і жонкі Tarantino Ганны Трубачовай, дзеля паспяховых здымак сучасны фатограф павінен валодаць спецыфічнымі якасцямі характару і добрым густам.

Ганна Трубачова: “Па-першае трэба лезці ва ўсе дзіркі, быць дастаткова нахабным (гэтымі якасцямі валодае мой муж), а па-другое, ён мае вельмі дакладнае пачуццё святла, колеру, кампазіцыі. Важна тое, што дагэтуль жанр канцэртнай фатаграфіі не быў прадстаўлены на выставах”.

На выставе, якая адкрыта ў холе кінатэатра “Перамога” да 24 сакавіка, прадстаўлена 50 фотаздымкаў. Для Tarantino зоркі – звычайныя людзі, якія падчас працы дэманструюць свае звычкі. Найбольш любімыя героі Tarantino - “Ляпісы”, “Тубсы”, “Дзюбеля” і “Дзеці”. У планах фотамастака – спроба пранікуць у прыватнае жыццё беларускіх музыкаў.
Tarantino: “Тое, што б я хацеў яшчэ правярнуць з зоркамі – зняць іх жыццё не на сцэне, а недзе ў хатніх умовах. У мяне ў планах такія праекты. Цікава пачаць з Міхалка – самай недасяжнай нашай зоркі. Стукаюся (смяецца)”.

Аднак спачатку Tarantino збіраецца пашырыць дэбютную выставу і правезці яе па гарадах Беларусі: маўляў, паўсюль знойдуцца прыхільнікі беларускага року. Больш-менш добрай для здымкаў пляцоўкай на сённяшні дзень Tarantino лічыць “Рэактар”, аднак ідэальная пляцоўка для ідэальнай працы паводле фотамастака павінна выглядаць наступным чынам.
Tarantino: “Гэта павінна быць вялікая прастора, то бок спецыяльная зона для фатографаў каля сцэны, павінны пускаць без пытанняў за сцэну, павінна быць мора пражэктараў – каляровых, светлых, белых, павінен сядзець майстра сваёй справы – светааператар, і, вядома, добры гук, каб падчас здымкі яшчэ і добра адпачыць”.


На адкрыцці выставы было заўважана шмат зорак – ад Калмыкова, “Тубсаў” да часткі знакамітых Экспертаў. by. Зміцер Падбярэзскі рады таму, што трапіў ў лік “таранцінаўскіх” фотазорак у такім незвычайным выглядзе.
Зміцер Падбярэзскі: “Я лічу, што гэта вельмі добрыя здымкі, і я думаю, што з часам галерэя будзе пашырацца за кошт іншых музыкаў. Мне вельмі прыемна, што я трапіў у лік зорак з маім мужам Неронскім. Я думаю, што калі Коля пабачыць гэты фотаздымак, ён таксама будзе звышусхваляваны… Адметнасць жа фатографа ў чым? Тут ёсць частка пастановачных фота, але тое, што ён умее лавіць момант, гэта бясспрэчна. Гэтае ўменне – гэта праява таленту, я лічу”.



Не ўсе наведвальнікі выставы засталіся задаволеныя ўбачаным.
Знакаміты аўтар радыё “Говорящие помидоры” Папа Памідор: “Дзе грымёрка? Я абураны. Дзе грымёрка, абяцаная ў афішах? Дзе адваротны бок? Гэта ўсё сцэна. Усё што тут ёсць, гэта можна пабачыць з залы. Я незадаволены”.


Аднак большасць гасцей прэзентацыі не хавалі пазітыўных эмоцый ад прац Tarantino.
Наведвальніца: “Вельмі спадабалася выстава – дзякуй вялікі аўтару! У музыкаў, як у асоб, складаны характар, але ўсё гэта так перададзена, учас знята і злоўлена, так, я лічу што адпавядае назва выставы яе працам. Мне вельмі спадабаліся Беня, Каця Пытлева, магчыма таму, што я крыху ведаю іх асабіста, аднак іх выявы перасякаюцца з іх характарамі. Ну і “Тубсы”.





Нагадаем, выстава “Адваротны бок зорак” адкрылася дзякуючы падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”. А Ігар Варашкевіч разам з Андрэем Лявончыкам парадавалі наведвальнікаў выставы песнямі “Крамы”, выкананымі ў акустычным варыянце.




