Любові Кавалёвай не далі сёння сустрэчы з сынам у СІЗА КДБ

Па словах Кавалёвай, якія перадае БелаПАН, заяву на спатканне яна накіроўвала 9 лютага, але адказу не атрымала. Сёння яна прыехала ў надзеі атрымаць спатканне, але высветлілася, што ёй трэба напісаць чарговую заяву. Больш таго, такую ж заяву, як выявілася, павінен напісаць і яе сын Уладзіслаў Кавалёў, асуджаны на смерць.

Любоў Кавалёва ўпэўненая, што сын пра гэта нічога не ведаў. Такім чынам, спатканне, якое яна павінна была выкарыстоўваць у лютым, прапала.

Жанчына таксама паведаміла, што яе лісты да сына не даходзяць. Сама яна атрымала ў лютым толькі тры лісты, а дзяўчына Уладзіслава — ніводнага.